БЕЗАДХО́ДНЫЯ ТЭХНАЛО́ГІІ,

сукупнасць тэхнал. сродкаў і працэсаў, якія прадугледжваюць максімальна поўнае выкарыстанне ў працэсе вытв-сці сыравінных і паліўна-энергет. рэсурсаў і выключаюць адходы; экалагічная стратэгія ўсёй прам-сці і с.-г. вытв-сці. Безадходныя тэхналогіі накіраваны на стварэнне экалагізаваных цыклаў безадходнай вытворчасці, падобных да прыродных працэсаў у біясферы. Асн. кірункі развіцця безадходных тэхналогій: комплекснае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, стварэнне замкнёных цыклаў вытв-сці без скідвання сцёкавых водаў і выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, улоўліванне і утылізацыя адходаў. Безадходныя тэхналогіі могуць быць эканамічна нявыгаднымі для адной вытв-сці або галіны прам-сці, але па сукупнасці вынікаў іх выкарыстанне можа даваць вял. станоўчы эфект.

Літ.:

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек. 2 изд. М., 1986;

Сохранение окружающей среды на основе безотходного производства. Л., 1977;

Одум Ю. Экология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1986.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)